Яны звар’яцелі ці што?! Гэтая каманда год таму пачала выдаваць друкаваныя часопісы іх усе адгаворвалі, а ў іх крута выходзіць

Содержание

Разам з кампаніяй «A1» інтэрнэт-часопіс пра Мінск CityDog.by працягвае рубрыку «Дзейныя» пра пасіянарных і крэатыўных беларусаў, якія штодзень паспяхова ствараюць сучасную беларускамоўную культуру.

Гэты артыкул прысвечаны рэдактарам новых — і ўжо папулярных — выданняў «Дуду», «Асцярожна: дзеці!» і «Наша гісторыя».

Часопіс «Наша гісторыя»

(2018 год выдання, выйшла 20 нумароў, лепей за ўсё прадаліся прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму, Тадэвушу Касцюшку, князю Вітаўту)

— Неяк мае польскія сябры расказалі, што ў традыцыйных выданнях кшталту Newsweek, Wprost («Наўпрост»), Polityka («Палітыка») гістарычныя дадаткі прыносяць больш прыбытку, чым само выданне — расказвае Андрэй Дынько, галоўны рэдактар. — Мяне пранізала: гэта ж можам зрабіць і мы!

Было няпроста пераканаць калег, асабліва малодшае пакаленне нашай рэдакцыі, што папяровае выданне можа быць актуальным.

«Наша гісторыя» прынесла поспех, якога я не чакаў. Мы выпусцілі наклад 2000 асобнікаў, пасля дадрукавалі і агулам прадалі 7000 штук. Кошт быў 5,50 руб. пры курсе долара 2 рублі. Польскія выданні на польскім рынку каштуюць танней, таму што наклады большыя. Сёння мы трымаем наклад больш за 5000 асобнікаў.

Мае сябры з-за мяжы пытаюцца: «У вас такія выдатныя гісторыкі, пісьменнікі, чаму пра іх ніхто не ведае?» Пытанне не ў тым, што ў нас няма чытача, а ў тым, каб адчуць гэтага чытача. Мяне хвалюе, што беларуская інтэлектуальная эліта замкнёная на сваім сталічным коле. «Нашай гісторыяй» захапляюцца ў малых гарадах: Ваўкавыск, Столін, Докшыцы, Івацэвічы — там многа нашых чытачоў. Для мяне гэта вельмі важна.

Я асабліва рады аўтарам з-за межаў Мінска: Андрэю Вашкевічу з Гродна, Аляксею Бацюкову з Магілёва, Сяргею Астанковічу з Крычава, Андрэю Блінцу з Клецка, ды ўсім! Нядаўна жанчына з Камянецкага раёна даслала фантастычна цікавы матэрыял пра родную вёску ў Столінскім раёне, «Калоднае, літвінскі астравок». Кастуся Шыталя з Глыбокага яшчэ б заангажаваць да нас! (Смяецца.) Патрабаванняў да аўтараў у тым, каб у іх абавязкова была навуковая ступень, няма. Галоўнае — каб чалавек мог прыгожа і ясна пісаць. Бо многія артыкулы, што мы атрымліваем, — гэта кампіляцыя з «Вікіпедыі».

Калі я бяру ў рукі першы, другі нумары (агулам выйшла 20), яны падаюцца мне слабенькімі, мы не адчувалі тады візуальны шэраг так, як цяпер.

Жанчыны на вокладцы «Нашай гісторыі»? Іх амаль не было пакуль: светам раней кіравалі мужчыны. Тады фізічная сіла значыла больш, чым у сучасным свеце.

А найлепш прадаліся нумары пра Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшку, князя Вітаўта.

Нас раскрытыкавалі за артыкул пра Андрэя Грамыку, старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, — ён нават быў на вокладцы. Маўляў, мы напісалі пра «савецкага калабаранта», які не меў дачынення да Беларусі.

Катэгарычна не згодны. Гэты персанаж — тыповы для ХХ стагоддзя — з беларуса перарабіўся ў рускага, шчыра паверыў у камуністычную ідэю і служыў ёй. І ў той жа час гэты чалавек адыграў фатальную ролю ў рашэнні ўварвання ў Афганістан. Ён быў сярод людзей, якія прымалі рашэнне хаваць праўду пра Чарнобыль. Усё гэта былі фатальныя для СССР памылкі. Хто мне скажа, што гэта не цікава і не павучальна?

А чытачы шукаюць у часопісе рознае, хто што. Я маю звычку праходзіцца па шапіках «Белдруку» ў дзень, калі з друкарні прыходзіць наклад. Калісьці на станцыі метро «Пушкінская» я зайшоў у павільён: адна кіяскерка схілілася над другой і чытаюць «Нашу гісторыю» — рэцэпты страў са шчупака!

Старэйшае пакаленне чытачоў не церпіць у часопісе коміксаў. 85-гадовы чытач з Маладзечна нам напісаў: «Нумар тры быў добрым, асабліва мне спадабалася, што ў ім няма коміксаў».

У той жа час я не раз назіраў, як падлеткі завісалі над коміксамі.

Нам, інтэлектуалам, трэба навучыцца быць цярпімымі, знаходзіць кампрамісы.

Камусьці трэба коміксы, камусьці — тэксты.

Часопіс для дзетак «Дуду»

(выдаецца з 2019 года, выйшла 6 нумароў)

— Мы ўсе разумеем, што ў нашай 9,5-мільённай краіне дзіцячых беларускамоўных выданняў мала, а доля друкаваных выданняў няпэўная. Аднак дзеці працягваюць нараджацца, іх трэба выхоўваць, і ў гэтым кніга — добры памочнік, — расказвае Наталка Бабіна, намесніца рэдактара. — Мы ў рэдакцыі вырашылі паспрабаваць свае сілы, і ў працэсе абмеркавання вырашылі, што будзем выдаваць два часопісы: для дашкалят «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» — для школьнікаў малодшага ўзросту.

Летам 2019-га ўзнікла ідэя часопіса, некалькі месяцаў пайшло на назву, канцэпцыю, герояў, і ў снежні таго ж года выйшаў першы нумар.

На старце мы вывучылі многа дзіцячай перыёдыкі і паставілі перад сабой задачу, каб часопіс быў сучасным, не грашыў маралізатарствам і, галоўнае, падабаўся дзецям. Казаць пра вялікі фінансавы поспех пакуль што не выпадае, але мы настроены аптымістычна.

Мы доўга шукалі назву: хацелася чагосьці арыгінальнага, каб адразу чапляла. Першае слова, якое вымавіў сын аднаго чалавека з нашай рэдакцыі, было «дуду». Невядома, што гэта азначае, але слова прыемнае, будзіць добрыя асацыяцыі. Яго і выбралі.

А хто ж будзе гэты Дуду? Было многа прапаноў: чапля, удод, дудачка, нават лямпачка. Спыніліся на тым, што гэта падушка. Прыемны для дзяцей прадмет, які ёсць у кожным доме і з якім звязаны добрыя асацыяцыі: на падушцы спяць, пад яе кладуць падарункі.

Рускамоўныя дзіцячыя выданні для нас канкурэнты ў добрым сэнсе гэтага слова: спаборніцтва прымушае выкладацца. Увогуле я не супрацьпастаўляла б рускамоўныя выданні і беларускамоўныя.

Чытайце таксама: Палічы мікробаў! І «Каранцін» ад Хадановіча — выйшаў новы «Дуду»

Наш часопіс набываюць беларускамоўныя сем’і з вялікіх гарадоў, у якіх ёсць дзеці адпаведнага ўзросту.

«Мы хацелі зрабіць дадаткі да часопіса, як у «Свінкі Пэпы»: налепкі, цацкі — але пакуль не бачым, як гэта зрабіць, каб акупілася».

Сучасныя дзеці жывуць ва урбанізаваным свеце, яны чуюць размовы дарослых і па-свойму ставяцца да рэчаіснасці, адпаведна мы выбіраем і тэмы. Напрыклад, комікс у перадапошнім нумары прысвечаны правам жывёл: у лес едзе браканьер, і жывёлы бягуць скардзіцца ў кантору па правах жывёл.

У апавяданні гэтага нумара людзі пабудавалі электрастанцыю ў лесе, і жывёлы перасяліліся ў гарадскі парк, а прадпрымальныя заяц і мядзведзь адчынілі кавярню з вегетарыянскім меню.

Гісторыю для комікса пра правы жывёл прыдумаў гімназіст з другога класа Міша Сяргей. Ягоная мама напісала нам, што яе сын — вельмі творчы, любіць прыдумляць і маляваць. 8 год, канешне, вельмі малы ўзрост, але я рызыкнула і адказала ёй, што мы былі б зацікаўлены, каб Міша распрацаваў сюжэт комікса пра правы лясных звяроў. Ён зрабіў цудоўную працу.

Наступны наш нумар будзе прысвечаны вірусам і мікробам. Нашы аўтары адказна падышлі да гэтай тэмы, каб не палохаць дзіця, але расказаць пра свет вірусаў, які не заўсёды варожы для чалавека, і на ўзроўні дзіцячага часопіса навучыць правілам гігіены, якіх мы ўсе мусім прытрымлівацца.

У нумары пра вірусы комікс таксама будзе па сюжэце нашага Мішы: Кот-Вуркот, які працуе ў інстытуце распрацоўкі лекаў, змог пасадзіць вірус у клетку. Канешне, хлопчык атрымаў ганарар, бо такіх маладых абавязкова трэба ўзнагароджваць.

У нас невялікая цудоўная каманда таленавітых людзей, у кожнага з якіх ёсць дзіця ці некалькі. У мяне, напрыклад, трое і маленькі ўнучок. Тэмы і спосабы іх рэалізацыі — гэта вынік нашай супольнай працы. Мы ніколі не будзем палохаць дзяцей і не будзем ім хлусіць. Ці будзем мы паднімаць тэмы, якія фарміруюць светапогляд, напрыклад гендарныя, будзе вырашана калегіяльна: як гэта зрабіць, наколькі гэта важна?

З друкаванай газеты «Наша Ніва» ў «Дуду» перавандравалі пластылінавыя коміксы пра Капітана Танаку. Мы любім гісторыі «Наша Пластыляндыя» аўтарства Алеся Кудрыцкага, таму што дзеці іх любяць! Гэта наша фішка. Сёлета мы ўдзельнічалі ў свяце роднай мовы ў прасторы Оk16 на Кастрычніцкай. Каля Алеся з валізай пластылінавых герояў заўсёды быў натоўп дзяцей! Так што мы не можам гэта не выкарыстоўваць ва ўсіх нашых выданнях.

Часопіс для падлеткаў «Асцярожна, дзеці»

(выдаецца з 2019 года, выйшла пяць нумароў)

— У мяне дома ляжаў дзіцячы часопіс «Гарбузік», які не так даўно выдавала «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»». Я бацька трох дзяцей: 7, 9 і 10 гадоў — і адчуваю, што такой літаратуры моцна не хапае, — дзеліцца Аляксей Шэін, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Асцярожна: дзеці!». — Акурат у той момант мне патэлефанаваў Андрэй Дынько і запрасіў абмеркаваць ідэю новага беларускамоўнага часопіса для дзяцей.

На сёння выйшла пяць нумароў, і я лічу, што свой шлях да аўдыторыі мы яшчэ шукаем. Нас чытаюць тыя, каму не хапае літаратуры па-беларуску, хоць мы арыентуемся на любога дзіцёнка, якому бацькі купляюць кнігі і які здольны разумець па-беларуску. Мы не баімся спаборніцтва за ўвагу з планшэтамі, дэвайсамі і тэлевізарам. У друкаваным выданні можна памаляваць, вырваць з сярэдзіны постар і павесіць на сцяну, пагуляць у настольную гульню — то бок мець тактыльны кантакт, патрэбны дзецям.

Калі б мы выходзілі па-руску, канкурэнтамі сталі б усе падобныя выданні. Але нас настолькі мала — «Вясёлка», «Буслік», «Маміна сонейка», — што казаць пра канкурэнцыю сярод беларускамоўных перыядычных медый цяжка.

Мы разглядалі некалькі варыянтаў назвы: «Файна!», «Цуефа» — гэта слова зараз дзеці часта ўжываюць у гульнях. Потым Андрэй Скурко прапанаваў «Асцярожна: дзеці!», на тым і спыніліся.

Нумары, якія пабачылі свет, былі пра самалёты, дроны, мабільнікі, катастрофы і надзвычайныя сітуацыі. Апошні, які знаходзіцца ў друку, — пра вірусы і мікробы. Я перажываў, што ў нас занадта хлапечыя тэмы, але па малюнках, якія дзеці дасылаюць нам, відаць, што часопіс чытаюць дзяўчаты і хлопцы — палова на палову.

Мы доўга прапрацоўвалі характары персанажаў, іх здольнасці. Дзяўчына Мара любіць навуку і добра разбіраецца ў тэхнічных пытаннях. Мы трохі нестандартна падышлі да дзявочага вобразу, бо нам цікава працаваць менавіта з такой.

Хлопец Цім, які любіць прыгоды і ўмее выбірацца са складаных сітуацый. Газ — сабака, які любіць свайго гаспадара. Тормаз — кот, якому не падабаюцца прыгоды, але, калі ягоныя сябры праз свой энтузіязм трапляюць куды-небудзь, ахвяруючы сваёй выгодай, ён іх выратоўвае.

Куды сучаснае дзіця без мабільніка? У нас гэта Заразік, што значыць Занадта Разумны Смартфон. Такія розныя характары, на аснове якіх узнікаюць канфлікты, за якімі, я спадзяюся, цікава назіраць.

У кожным часопісе — настольная гульня на галоўную тэму нумара. Для нас настолкі распрацоўвае гродненская каманда. Механіка ў іх заўжды розная, у той час як у большасці гульняў падобных часопісаў гэта «кідай кубік і хадзі».

Зваротная сувязь ад чытачоў звычайна да нас прыходзіць у форме малюнкаў — перадусім з Мінска. Дзеці не вядуць актыўнае жыццё ў сацыяльных сетках. Ім цікава штосьці зрабіць, паказаць дарослым, каб вынік іх працы быў ацэнены ўвагай.

Чытайце таксама: Новыя прыгоды Ціма і Мары. Асцярожна: вірус!

Аднойчы нам напісаў тата: «Што вы нарабілі? Я ўжо на памяць вывучыў комікс, бо сын штовечар прымушае яго чытаць. Скажыце, калі будзе наступны нумар?»


Источник: nashaniva.com